МАСТЕРСТВО. СТИЛЬ. КАЧЕСТВО

Фiласофiя кахання ў сучаснай беларускай паэзii

Рэспублiканская навукова-практычная канферэнцыя «XI Калеснiкаўскiя чытаннi», артыкул
развернуть

С. І. Піпко
Брэст, сярэдняя школа №26

 

     Якое пачуццё з’яўляецца самым цудоўным? Безумоўна, каханне. Гэта лепшае з усіх пачуццяў, якое дапамагае людзям жыць, дае ім моцы ў пераадоленні жыццёвых нягод, радуе, хвалюе, натхняе. Каханне — самая галоўная каштоўнасць жыцця чалавека.
     Каханне апісвалі філосафы і псіхолагі, апявалі пісьменнікі і паэты. У кожнага чалавека ўзнікаюць свае асацыяцыі з гэтым словам: каханне — гэта здольнасць ахвяраваць сабою дзеля каханага, уменне аддаваць, а не браць, жаданне зрабіць чалавека шчаслівым, гэта крыніца ўсяго найлепшага і ўзвышанага, энергія жыцця, жыватворны струмень, узнагарода, прывід, трывалая звычка, вогненная рака, кветка жыцця, аснова і мадэль Сусвету.
Не засталася ўбаку ад услаўлення гэтага пачуцця і сучасная беларуская паэзія. Каханне ў ёй займае сваё асаблівае месца, бо, як сцвярджалі старажытная філосафы, яно кіруе светам.
     Вершы пра каханне ў сучаснай беларускай паэзіі прадстаўлены паэтамі розных пакаленняў, пра каханне пішуць і мужчыны, і жанчыны.
    Дык якое яно, каханне? Што яно прыносіць?  Якія матывы пераважаюць у любоўнай паэзіі? Якім паўстае лірычны герой? Паспрабуем адказаць на гэтыя і іншыя пытанні, узяўшы на ўзбраенне творы сучаных паэтаў і філасофскія роздумы пра каханне.
     Апяваюць каханне Р. Баравікова, З. Падліпская, В. Шніп, З. Марозаў, М. Башлакоў, А. Бадак і іншыя майстры слова. Кожны аўтар сцвярджае безумоўнасць яго існавання, але раскрывае гэта інтымнае пачуццё па-свойму. Ліра кожнага паэта выяўляе сваю настроенасць і адметнасць гучання: “Каханне... растопіць ільды асцярогі / і вызваліць скрытыя воды” (А. Бадак); “Я прыйшоў сюды маліцца / На цябе, маё каханне” (М. Башлакоў); “Каханне, ты — прывабная быліна, / дзе з двух герояў нехта вечны раб” (Р. Баравікова); “Каханне першае не пустацвет — / Дзівоснай папараці кветка” (З. Падліпская); “Дзе музыкі натхняючая сцюжа / У нашых душах пакідае след / І абуджае сэрцы для кахання” (В. Шніп); “Засні, каханне, / Трэба адпачыць / Ад пачуцця, што сэрца апаліла” (З. Марозаў).
    Каханне бывае розным: гарачым, сляпым, самаадданым, рамантычным, узаемным… Яно, як агонь, можа саграваць самую халодную душу, здольна даць цяпло людзям, якія кахаюць, нават у самыя суровыя моманты іхняга жыцця. Каханне можа не толькі гарэць, бушаваць пажарам, але і тлець. У кожнай закаханай пары ёсць свая, не падобная да нічыёй іншай, неверагодная гісторыя кахання.   З аднаго боку каханне — цэласнае чароўнае пачуццё, таямніцу якога не хочацца разбураць. Але ўсе ж можна вылучыць некалькі аспектаў, з якіх складаецца каханне: запал, натхненне, боль, пяшчота, спачуванне… Усе яны алюстраваны ў сучаснай паэзіі.
      У вершах пра каханне часта прысутнічае дыялог з каханым чалавекам, дзе словы “так” і “не” адыгрываюць важную ролю, дзе эмацыйнае жаданне быць з закаханым перапаўняе душу: “Давай кахаць, да зморы мілавацца” (З. Марозаў); “Прыпадзі да распаленых вуснаў / і ў высокія травы шпурні”, “Здавалася безліч іголак / рассыпала полымя страсці” (Р. Баравікова); “Абдыму твае калені… / Захлынуся ад жадання. / Летуценні, летуценні” (М. Башлакоў); “А кахаў твае пальцы, і голас, і вочы, / I свет цэлы, і вусны, і зноўку свет цэлы!” (В. Шніп).
      Каханне дае чалавеку свабоду стаць тым, кім ён хоча быць, дазваляе стварыць свой свет, уздымае дух, падахвочвае да дзеяння, акрыляе: “А хтосьці кажа, што каханне / З натхненнем поруч век ідуць” (З. Марозаў); “Каханне і прынізіць, і... уздыме, / Пакуль у ім жыве душа мая” (Р. Баравікова).
       Адзін “няправільны” погляд ці неасцярожнае слова — і закаханы перажывае, прыносіць боль і пакуту здрада і каханне без узаемнасці: “Наша шчасце — аранжавы дым, / Ціхі шлях ад самоты да болю” (А. Бадак); “Дай мне, Божухна, сілы / З ёй не бачыцца больш, / Каб забыць вобраз мілы, / З сэрца выкінуць боль” (З. Марозаў); “Не знаю, дзе мая любоў, / Якою ззяе зоркаю? / Але чаму ад тваіх слоў жыццё такое горкае?” (М. Башлакоў); “І пачуў я з высокіх нябес, / Як жанчына крычала: “Бывай!” — / Не хаваючы суму і слёз” (В. Шніп); “Стамілася ад горкага чакання. / Пяшчоту вуснаў студзіць горыч слёз”, “А я — маўчала! / Хоць болем роспачным “пачуй” — / Душа крычала” (З. Падліпская).
     Звычайна закаханыя самаадданыя і здольны да імпатыі, жадаюць ахвяраваць сабою дзеля каханага: “Студзіць сэрца горкая пяшчота. / Цяжкая душэўная работа — / Адзінота. Адзінота. Адзінота. /Адна нота…” (З. Падліпская); “Вобраз твой маршчынкі не састараць, / Постаць час нялёгкі не сагне. / Не глядзі ў люстэрка, што нам старасць, / Калі ёсць ты, родная, у мяне”, “Я ж каханне сваё не хаваю / І пяшчотней цалую руку” (З. Марозаў); “Працягну я гарачыя рукі, / Вас пяшчотай нязвыклай крану! / Так, напэўна, дзівосныя гукі / Абарваную лашчаць струну” (Р. Баравікова).
     Каханне не бывае без шкадавання, недасканаласці каханага выклікаюць спачуванне, пякучае прыцягненне і жаданне дапамагаць, апякаць, дзяліцца, радаваць: “Яшчэ ўсё можна нам з табой змяніць / І словы несказаныя сказаць, / І можаш ты мяне шчэ палюбіць, / Калі ўжо немагчыма пакахаць” (В. Шніп); “На мяжы незямнога парога / Абяцаю цябе я кахаць. / Калі нават за іншым пакрочыш” (З. Марозаў). Складнікамі сапраўднага кахання таксама з’яўляюцца пачуцці даверу, паразумення, цярпення.
     У сучаснай паэзіі пра каханне прысутнічаюць мінорныя і мажорныя матывы, яны традыцыйныя для інтымнай лірыкі. Радасць і смутак, сустрэча і расстанне, чаканне і развітанне, надзея і расчараванне, спакой і трывога часта крочаць побач. У творчасці кожнага паэта яны разглядаюцца і адлюстроўваюцца своеасабліва, з розных пазіцый.
Р. Баравікова ў асобных творах узнялася на стромкую вышыню і вастрыню адчування не толькі асабістага — у каханні, — але і агульналюдскога, агульначалавечага болю. Да матыва “люблю” далучаецца матыў “трывожуся”, “сумую”. “Люблю” і “трывожуся” становяцца побач і, у сваю чаргу, дапаўняюцца яшчэ двума матывамі — “баюся” і “пакутую”: “Жыцця пакутнага цяжар / не спакушаецца надзеяй. / Навошта целу гэты жар, / калі душою халадзею?” [3, с. 225].
     Вершы пра каханне А. Бадака — струны душы паэта, якія іграюць мелодыю. Яна невясёлая, бо паэт разумее, што ва ўзаемаадносінах з каханай пастаўлена кропка, і нічога нельга вярнуць і паправіць, ён сумуе па сваёй каханай:
Ты аддаляешся, ты аддаляешся,
Пацалункаў маіх вызваляешся…
Хто мы? Чужыя адно аднаму…
(“Ты аддаляешся, ты аддаляешся…”)

І дарога ўпіралася ў дом
Не пачаткам сваім, а канцом.
(“Абняла і прамовіла ціха…”)
    Вершы пра каханне М. Башлакова ўражваюць сцісласцю паэтычнага радка, аптымізмам, бадзёрасцю. Каханне асацыіруецца з рознымі порамі года, а жанчына — з выявай іконы:
Я глядзеў,
Як німб плыве
Над абліччам ясным…
Ты малілася ў царкве
Горача і страсна.
(“Я глядзеў”)
     У вершы “Чаромхавы снег” пераплятаюцца “юнацтва чаромхавы снег” і “снежная замець” сучаснасці, бо людзі кахаюць у любым узросце:
І, быццам забыўшы пра нашы гады,
Шапчу, пасівелы, табе пра каханне…
І зноўку, здаецца, цвіце ля вады
Чаромхавы цвет на вясновай паляне.
Паэзія З. Падліпскай прасякнута шчырай спавядальнасцю і чысцінёю пачуццяў. Вершы адлюстроўваюць розны стан душы: закаханасць і расстанне, шчымлівы боль, самоту і душэўныя пакуты:
О першы пацалунак на дваіх…
Я помню ціхі дотык губ тваіх
І хваляванне першага спаткання.
(“Санет”)

Ніводнай зоркі на счарнелым небе.
Наўкол падман і слоў пустыя гукі.
І… камяні замест кавалка хлеба.
(“Рабінавыя пацеркі”)
     У паэзіі В. Шніпа пераважаюць матывы, характэрныя для паэтаў-рамантыкаў: радасць, рэўнасць, смутак, адчай. Пачуцці — шчырыя, непаўторныя, непадробныя:
Спачатку музыка была.
Яна з’явілася з святла,
Якое знікла назаўжды,
Як зніклі райскія сады
Вось і ўсё. Каму і што казаць?
Мне пара ў чужыну ад’язджаць.
Дзе, магчыма, без цябе памру [9, с. 63].
    У вершах З. Марозава прысутнічае і лёгкая журба, і чароўнае святло. Каханне “як крыніца, як самы светлы сон жыцця”, “пекла рэўнасці і рай”, “напал пачуццяў і страсцей”.
З калючых вуснаў дзікай ружы
Я піў кахання горкі мёд…
Цяпер наўкол гуляюць сцюжы,
Скаваў пачуцці золкі лёд.
(“З калючых вуснаў дзікай ружы”)
    У выніку знаёмства з вершамі паэтаў пра каханне ў свядомасці ўяўляюцца іх лірычныя героі. Яны паўстаюць перад чытачом рамантыкамі і рэалістамі, акрэслены светлымі і сумнымі фарбамі, разнастайнымі эмоцыямі. Лірычныя героі інтымнай лірыкі вылучаюцца ўменнем узняцца над няўвязкамі паўсядзённага побыту і складанасцямі ўзаемаадносін, здольныя дараваць.
Удзячнасць за былое каханне, пажаданне шчаслівага жыцця і павага да каханага чалавека гучаць з вуснаў лірычнага героя верша А. Бадака: “Я за цябе памалюся, / Каб у далёкай цішы / Жыў ты ні ў горы, ні ў скрусе – / З ясным святлом на душы”.
   У вершы “Я не бягу ўжо нікуды” М. Башлакова герой з цеплынёй успамінае мінулае, і хоць каханне прайшло, надзея на зварот не пакідае яго:
Ды што было, што не было,
Усё ж успамінаецца…
І ветразь белы, як крыло,
Наперадзе гайдаецца.
   Лірычная гераіня вершаў Р. Баравіковай — жанчына, надзвычай чыстая, светлая і самотная. На думку І. Штэйнера, “Лірычная гераіня паэзіі Р. Баравіковай вылучаецца заўсёднай элегантнасцю, выкшталцонасцю, сапраўднай жаноцкасцю, якую нельга з’імітаваць, набыць, з ёй можна толькі нарадзіцца і трохі яе ўдасканаліць, адшліфаваць” [11, с. 5 ].
     Вобраз лірычнай гераіні З. Падліпскай складаецца з мноства фарбаў, праяў і адценняў. Яна па-зямному простая і ў той жа час тэмпераментная. Нягледзячы на складанасці ўзаемаадносін, надзея на лепшае не пакідае яе:
Солі было даволі.
Назапашана — на вякі.
…Прывітанне,
мядовыя ночы!
Прывітанне,
мядовыя дні!
(“Соль на веях”)
    Лірычныя героі В. Шніпа ўпершыню кахаюць, упершыню адчуваюць блізкасць: духоўную і фізічную, непакояцца адно за аднаго. Ім добра разам, яны шчаслівыя. Але, на жаль, з’яўляецца нехта трэці, які ўсё гэта рушыць:
Ноч нараджаецца, дзень памірае,
Я паміж імі, як смерці дыханне,
Я паміж імі нібы развітанне [10, с. 209].
У вершах З. Марозава герой жыве памкненнямі чулага сэрца, замілаваны каханым чалавекам, ён жыццялюб:
Мне ёсць па кім тужыць,
Мне ёць каго чакаць…
А значыць, трэба жыць,
Пакутваць і спяваць.
(“ Мне ёсць па кім тужыць”)
     Пачуццё кахання ў сучаснай беларускай паэзіі жывое і трапяткое, далікатнае і пяшчотнае, тонкае і глыбіннае. Гэта тэма гучыць як мажорна-мінорная мелодыя, усхвалявана, узвышана, непаўторна. Пачуцці закаханых неаднолькавыя па сіле выяўлення, у адных яны ўраўнаважаныя, спакойныя, у другіх – больш імпульсіўныя, узбуджана-нервовыя. Каханне паўстае як аснова быцця, крыніца жыцця.


Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Бадак, А. За ценем самотнага сонца, — Мінск : Маст. літ., 1995. — 192 с.
2. Баравікова, Р. Рамонкавы бераг. Слухаю сэрца:вершы / Раіса Баравікова. — Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. — 176 с.
3. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 11-га кл агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З. П. Мельнікава [і інш.];.пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. — 304 с.
4. Большая книга о любви. 100 главных секретов любви.; под ред. Л. Борманс — Москва : Эксмо, 2015. — 384 с.
5. Марозаў, З. Вяртанне да цішыні. — Мінск : Маст. літ., 2006. — 126 с.
6. Падліпская З. І. Малюся зорам: выбранае / З. І. Падліпская. — Мінск : Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”, 2014. — 96 с.
7. Старычонак, В. Кахання вечны міг : Вобразна-метафарычныя азначэнні любові ў творах беларускай літаратуры / Роднае слова, 2004. — №2. — С. 34 - 41.
8. Сучасная беларуская паэзія : для сярэд. і ст. шк. узросту / уклад Алеся Лесавіка ; прадм. Любові Гарэлік. — Мінск : Маст. літ., 2009. —526 с.
9. Шніп, В. Беларускае мора [Тэкст] / В. Шніп. — Мінск : Маст. літ., 2004. — 117 с.
10. Шніп, В Залатое пяро [Тэкск] / В. Шніп. — Мінск: Маст. літ., 2008. — 273 с.
11. Штэйнер, І. Самотная ў капелюшы на фоне саду / Баравікова Р. Дрэва для райскай птушкі. — Мінск, 2007. — 176с.

 

свернуть

Материалы педагогического совета «Методическое сопровождение педагогической деятельности: интерактивные формы работы»